Вы просматриваете: Главная > Мая Радзiма Беларусь > Сава і дзяцел

Сава і дзяцел

Не пасьпела яшчэ і разьвіднецца як сьлед, а дзяцел Тук Туковіч ужо ўсхапіўся за работу. Ён так забарабаніў па старой хвоі, ажно рэха пайшло па ўсім лесе.

У гэты час суседка яго, сава-Неразумная галава, толькі пачынала ўкладацца спаць.

— Тук-тук-тук! Стук-стук-стук! — раптам пачула яна вясёлую дзятлаву песьню.

Высунула сава галаву з дупла.

— Ці маеш ты сусед розум, шаноўны Тук Туковіч! Перастань грымець над самым вухам. Дай спакойна паспаць.

— Гм! — зьдзівіўся дзяцел. — Хто ж гэта сьпіць сярод белага дня!

— Як хто? — лыпнула свамі круглымі вачыма сава-Неразумная галва. — Усе мае сваякі, усе совы і пугачы сьпяць толькі ў дзень!

— А ўночы што вы робіце?

— Лятаем, здабычы шукаем. Гэта толькі ты і ўсе твае сваякі жывуць па-дурному: уночы сьпяць, а ўдзень яду здабываюць.

— Не, — кажа дзяцел, — як сабе хочаш, а я ўночы не магу лятаць.

— Чаму? — запыталася сава.

— Бо ўночы цёмна, нічога не відаць.

— Няпраўда! — адказала сава. — Гэта ўдзень цёмна. а ў ночы сьветла.

— Не, гэта ўдзень сьветла, а ў ночы цёмна, — не згадзіўся дзяцел. — Хіба ж ты ня бачыш, што ўдзень сонейка сьвеціць, а ў ночы — не.

— Якое там сонейка ты выдумаў! Яго няма на сьвеце!

— Як няма? Што ты пляцеш!

— Я яго ня бачу, значыць, няма, кажу табе, — не здаецца сава.

— Ат, гаварыць з табою, што ваду ў ступе таўчы, — сказаў дзяцел і яшчэ мацней забарабаніў па дрэве. — Калі ты адна ня бачыш сонца, дык думаеш, што і ўсе такія сьлепакі на сьвеце жывуць.

— Ну пачакай жа, — узлавалася сава-Неразумная галава, — я табе адпомшчу!

Мінуў дзень, настала ноч. Усе дзятлавы сваякі моцна заснулі. Заснуў і дзяцел Тук Туковіч.

Навокал было так ціха, і сон да нашага дзятла пасьля працоўнага дня прыйшоў такі салодкі, што яму нават жукі-караеды перасталі сьніцца.

І раптам сярод начной цішыні нехта моцна загаласіў:

— Ку-га! Ку-га! Ку-га!

А потым зарагатаў:

— Ха-ха-ха! Гу-гу-гу!

Прахапіўся дзяцел Тук Туковіч, дрыжыць ад страху: хто гэта пужае? Працёр вочы, прыгледзеўся, аж: бачыць сава-Неразумная галава сядзіць на суку і рагоча на ўвесь лес.

— Тфу, каб цябе! — плюнуў дзяцел. — Знайшла час рагатаць. Ідзі спаць!

— Не, — кажа сава, — спаць уночы я не магу. Буду сьпяваць, цябе і тваіх сваякоў пужаць.

— Ну і песьня ў цябе! — паморшчыўся дзяцел. — Ад такой песьні здурнець можна.

— Ха-ха-ха! Гу-гу-гу! — яшчэ мацней зарагатала сава.

Ёй адказалі гэткаю ж песьняй ўсе яе сваякі.

— Пачакай жа ты, лупавокая! — пагразіў дзяцел саве. — Заўтра я табе адплачу!

І праўда: назаўтра пачалося тое ж самае. Цэлы дзень дзяцел барабаніў па старой хвоі й не даваў спаць саве, затое потым сава ўсю ноч галасіла і рагатала — дзятла пужала.

І так у іх пайшло дзень пры дні, ноч пры ночы: ні дзяцел, ні сава з таго часу ня могуць спаць спакойна.

Обсуждение закрыто.